Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Дзень Роднай мовы

…Як жыта спрадвечная беларуская мова

Радзіма, матуля, Беларусь, размаўляць, спяваць, мілагучная, свая… Такі асацыятыўны рад да слова мова падабралі пяцікласнікі 21-й сталічнай школы імя М.Ф. Гастэлы 21 лютага на ўроку беларускай літаратуры, калі ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы (у супадзенні лічбах дзеці бачаць не выпадковасць, а знак звыш, каб старанна спасцігаць і захоўваць родную мову). Мы, настаўнікі, якія ўжо колькі гадоў аддана служым роднаму слову, заклікаючы да дэталёвага вывучэння роднай мовы, гэты рад працягваем па-свойму: жыццё, народ, годнасць, будучыня…

Вучні і педагогі з радасцю адгукнуліся на прапанову запамінальна адзначыць Дзень матчынай мовы. Бібліятэкар школы Аляксандра Віктараўна Міхно стварыла тэматычную выставу новых кніг, дзе змешчаны творы-прысвячэнні роднаму слову. Яна актыўна заклікала наведвальнікаў да знаёмства з цікавымі беларускамоўнымі выданнямі, у якіх адлюстваваны блізкія маладому пакаленню сучасныя рэаліі.

Паэтычныя перапынкі сталі ўжо добрай святочнай традыцыяй. Вучні загадзя рыхтуюць вершы, кансультуюцца з настаўнікамі наконт дэкламацыі і заліхвацкі нясуць беларускае слова ў школьнае асяроддзе. Асабліва ўдзячная публіка – вучні пачатковых класаў, але хутка і яны саставяць здаровую канкурэнцыю больш вопытным чытальнікам. Вершы выбіраюцца свежыя, энергічныя і гаваркія, каб пасля іх успрыняцця слухачам было над чым паразважаць, а, можа, каму і загаварыць па-беларуску.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Сапега наладзіла ў кабінеце выставу “Побыт нашых продкаў”, дзе былі прадстаўлены ўжо знаёмыя са старонак твораў школьнай праграмы збанок, гэблік, начоўкі, цуглі і інш. Дэманстравалася жаночая сукенка, пашытая з льнянога палатна натуральнага колеру і ўпрыгожаная арнаментам. І, канешне, традыцыйны абутак – лапці. Класны кіраўнік 9 “А” класа Алена Тадэвушаўна Ракавец правяла займальную віктарыну на веданне ўласна беларускіх слоў. Раздзелы віктарыны былі наступныя: “Перакладны кветкавы слоўнік”, дзе да прапанаваных рускіх слоў падбіраліся беларускія адпаведнікі (напрыклад, жасмін – язмін, сірень – бэз, роза – ружа), “Абое рабое” – прадстаўнік каманды мімікай і жэстамі паказваў фразеалагізм (вешаць нос на квінту, як мокрае гарыць), “Як той казаў” – вучні спрабавалі патлумачыць значэнне аўтарскіх наватвораў.

Прыемна, што цікавасць да роднай мовы ў грамадстве ўзрастае: часцей яе можна ўбачыць на рэкламных білбордах, таварных упакоўках, пачуць па тэлебачанні, у крамах ды і проста на вуліцы. Навукоўцы пацвярджаюць, што беларуская літаратурная мова перамясцілася з вёскі ў горад у іншай якасці: сёння гэта мова творчай нацыянальнай эліты. Верыцца, што моладзь будзе імкнуцца далучыцца да інтэлігенцыі не толькі па матэрыяльных паказчыках, а, перш-наперш, у духоўным плане, дзе мова – дзейсны сродак, неабходны фактар самавызначэння і асобаснага станаўлення кожнага сапраўднага беларуса. Кіруючыся прыкладам Народнага паэта П. Панчанкі, “…песню сваю, мову сваю я да грудзей прытульваю”. Прытуліце і вы, шаноўныя землякі!     

 

Галіна Стральчук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”

Раздзелы сайта