Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Встреча педагогов с учителями и воспитанниками Радошковичской школы-интерната

Аднадумства нараджае сяброўства

Цёплая, сардэчная, патрэбная. Менавіта такой стала сустрэча педагогаў і вучняў сярэдняй школы №21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска з настаўнікамі і выхаванцамі Радашковічскай школы-інтэрната. Прадстаўнікі сталічнай школы прыехалі ў госці з яркай канцэртнай праграмай. На сцэне вучні дэманстравалі вакальныя і харэаграфічныя таленты, віртуозна валодалі музычнымі інструментамі, жартавалі. Фея праводзіла цікавыя конкурсы, у якіх прымала ўдзел уся актавая зала. І дарослыя, і дзеці ўзгадвалі радкі навагодніх песень, ствараючы святочную атмасферу напярэданні Старога Новага года. Удалым завяршэннем прывітальнага канцэрта стала ўручэнне падарункаў. Канцылярскія прыналежнасці, цацкі, салодкае заўсёды актуальныя і жаданыя для вучнёўскага асяроддзя.

Гаспадары сустрэчы арганізавалі пазнавальную і змястоўную экскурсію па краязнаўчым і музеі паветраных і вогненных таранаў, якія знаходзяцца ў іх навучальнай установе. Ідэя наведаць Радашковічы ўзнікла яшчэ ў маі мінулага года, калі ў 21-й школе якраз з нагоды нараджэння М.Ф. Гастэлы адкрыўся пасля працяглай рэканструкцыі музей славутага лётчыка. У першыя дні вайны Герой Савецкага Саюза здзейсніў паветраны таран над пасёлкам Радашковічы, таму і вуліца, і мясцовая школа-інтэрнат носяць яго імя. Дырэктар музея Зоя Міхайлаўна Макляк паведаміла, што 26 чэрвеня 1966 года быў адкрыты музей экіпажа М.Ф. Гастэллы, які ў 2001 годзе рашэннем педагагічнага савета быў перайменаваны. Сённяшнюю назву музей атрымаў у сувязі з тым, што ў ходзе пошукавай працы, перапіскі з ветэранамі і іх родзічамі значна павялічылася колькасць музейных экспанатаў. Сярод іх сустракаюцца ўнікальныя ўласныя рэчы лётчыкаў (на Маладзечанскай зямлі загінула 18 экіпажаў): дакументы, пісьмы і фотаздымкі, кнігі, падораныя сынам Мікалая Францавіча Гастэлы Віктарам, абломкі самалёта. Кожны год вучні праводзяць экскурсіі больш чым для 2 тысяч гасцей.

І госці, і гаспадары былі зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве, што адкрые новыя перспектывы ў развіцці абодвух музеяў. Тым больш што праца вядзецца ў аднолькавых накірунках: праводзяцца ўрокі мужнасці, гісторыі і літаратуры ваеннай тэматыкі, сустрэчы з ветэранамі, прыём у піянеры. Разам можна будзе наладжваць экскурсіі, паходы па месцах баявой і працоўнай славы, а некаторыя вучні змогуць працаваць над сумеснымі праектамі ці весці пошукава-даследчую працу на карысць музеяў.

Калі ў людзей аднолькавыя мэты, то прасцей аб’яднацца і ісці разам да іх дасягнення, дорачы і зберагаючы дабро. Жыццё герояў, трагічна загінуўшых у імя мірнай будучыні, працягваецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў. А сустрэчы такога характару паказваюць, наколькі неабходна маладому пакаленню ганарыцца героямі, шанаваць памяць пра славутых змагароў Радзімы, зберагаць свет без вайны.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры

СШ №21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска

Галіна Стральчук

Разделы сайта