Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ –МОВА

НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ –МОВА

Любіць сваё – зусім не значыць

Чужое ганіць, адмаўляць…

П. Бітэль

Народ пачынаецца з мовы. У кожнага яна свая – блізкая сэрцу, любая, дарагая. Неабходнасць захавання ўсіх моў свету паслужыла падмуркам для абвяшчэння 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Вучнёўскі і педагагічны калектыў СШ №21 імя М.Ф. Гастэлы штогод маштабна і ярка адзначае гэтае свята. Арганізоўваюцца кніжныя і фотавыставы, праводзяцца акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”, “Беларускае – самае маё”, на уроках і пазакласных мерапрыемствах гучаць вершы беларускіх аўтараў, льюцца шчымлівыя песні, захапляюць крэатыўныя квэсты, дзе пераможцы ласуюцца цукеркамі.

Сёлета цырымонія святкавання Дня роднай мовы набыла новы фармат, ператварыўшыся ў святочную літаратурную імпрэзу “Вялікія песняры брацкіх народаў” міжнароднага ўзроўню. Кожная краіна ганарыцца імёнамі славутых паэтаў і пісьменнікаў, якія ўслаўляюць прыгажосць роднага слова, вучаць па-майстэрску ім валодаць, зберагаць і перадаваць у спадчыну гэты скарб.

Да ўжывання беларускай мовы ў паўсядзённых адносінах, да яе глыбокага вывучэння і спасціжэння заклікала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Уладзіміраўна Лавыш. З прывітальным словам і надзеяй на далейшае плённае супрацоўніцтва братэрскіх народаў выступіла Саветнік па культуры Пасольства Украіны ў Беларусі Ірына Анатольеўна Ліпатава. Вучні і госці свята з захапленнем слухалі кранальную ўкраінскую мову, разумеючы ўсё сказанае да драбніц. А самыя актыўныя і дапытлівыя ўдзельнікі свята атрымалі каштоўныя падарункі.

Разам з суседзямі-ўкраінцамі ўзгадвалі вялікую паэтэсу Лесю Украінку. У гэтым годзе адзначаецца 146-я гадавіна з дня яе нараджэння. Лёс Лесі Украінкі быў непасрэдна звязана з Мінскам, горадам, які стаў сведкам яе чыстага і бескарыслівага кахання. Для вучняў ужо стала добрай традыцыяй ушаноўваць памяць украінскай паэтэсы і ўскладаць кветкі каля Мемарыяльнай дошкі, змешчанай на доме побач з будынкам школы. Дэвізам жыцця Лесі Украінкі стала яе крылатая фраза “Contraspemspero! – Без надзеі спадзяюся”. Верш з такой назвай у беларуска-ўкраінскім тандэме прачыталі вучні 11 класа.

Не абмінулі ўвагай і беларускіх мастакоў слова. У верасні споўніцца 105 гадоў з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Максіма Танка, а прадэкламаваны верш “Родная мова” выдатна акрэсліў найбольш важныя аспекты духоўнага свету беларусаў, самабытнасць мовы і непарыўную сувязь пакаленняў. Адзначылі бясцэнны ўклад у развіцццё нашай культуры сёлетніх юбіляраў П. Багрыма, Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, Я. Брыля, П. Панчанкі і інш.

Яркім і запамінальным было выступленне намесніка старшыні “Таварыства Сяброўства Беларусь–Украіна” Ганны Пятроўны Сапсай, якая цытавала вершы ўкраінскіх аўтараў пра каханне і надзею, а потым параіла маладому пакаленню ніколі не цурацца роднай мовы. Старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Яфімаўна Калюжная паведаміла ўнікальныя, свежыя факты з жыцця і творчасці Лесі Украінкі і падзялілася ўражаннямі ад даўняй сустрэчы з пляменнікам вялікай пясняркі. Госця заклікала аўдыторыю да вывучэння розных моў свету, бо гэта адкрывае новыя магчымасці і шляхі самаўдасканалення, найперш духоўнага.

Хочацца спадзявацца, што словы беларускага паэта і перакладчыка Пятра Бітэля “шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да замазабыцця…” стануць своеасаблівым прыкладам, набытай жыццёвай мудрасцю кожнага ўдзельніка свята.

Галіна Мікалаеўна Стральчук,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Разделы сайта